Як пачаць размаўляць па-беларуску?
Парады зусім простыя:
1. Пазбаўцеся страхаў
Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:
А. Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.
Б. Я з дзяцінства размаўляю па-расейску, мая сям’я расейскамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?
В. Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – Вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.
Д. Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!
2. Папаўняйце свой слоўнікавы запас
Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.
3. Пішыце па-беларуску
Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.
4. Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў
Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.
5. Наведвайце беларускія імпрэзы
Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.
6. Пачніце ўжываць мову ў побыце
Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.
7. Набярыцеся цярпення
Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!
http://www.movananova.by
Якая яна - беларуская мова?
Беларуская мова - гэта дзяржауная мова беларусаў. Уваходзіць у індаеўрапейскую моўную сям'ю, славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу.
Сучасная беларуская мова існуе ў літаратурнай і дыялектнай формах. Асноўны масіў падзяляецца на 2 вялікія дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, паміж якімі знаходзіцца паласа пераходных сярэднебеларускіх гаворак. Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтральнай Беларусі.
Алфавіт літаратурнай мовы створаны на аснове кірыліцы.
“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”. І неад’емная частка яе — родная мова. Яна не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця i працы народа, яго грамадскага i культурнага развіцця.
Наша родная мова самая прыгожая і вельмі мілагучная. Яна - нібы спеў салаўя, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі; яна цеплая, як матуліна пяшчота!
Беларуская мова прыгожая і незвычайная. Колькі цудоўных твораў напісана на гэтай мове.
Нават многія паэты і пісьменнікі захопленыя і натхнённыя роднай мовай.
Уладзімір Дубоўка
Родная мова, цудоўная мова!..
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць - не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы у родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
1966
Знакамітымі творамі былых ды сучасных пісьменнікаў з'яўляюцца:
- «Песня пра зубра» — Мікола Гусоўскі.
- «Палескія рабінзоны» — Янка Маўр.
- «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» — Ян Баршчэўскі.
- «Рома Едзе» — Раман Свечнікаў.
- «Мова» — Віктар Марціновіч.
- «На ростанях» — Якуб Колас.
- «Людзі на балоце» — Іван Мележ.
- «Тутэйшыя»- Янка Купала.
- «Альпiйская балада» — Васіль Быкаў.
- «Каласы пад сярпом тваiм» — Уладзімір Караткевіч.
- і многія іншыя.
У кожнага чалавека ёсць свая родная мова. І кожны ўлічвае сваю кропку гледжання аб ёй. Аднак беларускай мовай нельга не захапляцца, бо з дапамогай яе можна перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, а таксама і ўнутраны свет чалавека. Калі родная мова папулярна і кахана, то таксама будзе і з народам, які на ёй размаўляе.