Тэрыторыя нашай краіны
Рэспубліка Беларусь – дзяржава ў цэнтры Еўропы. Мяжуе на паўночным захадзе з Літвой, на поўначы - з Латвіяй i Расійскай Федэрацыяй, на паўночным усходзе і ўсходзе - з Расійскай Федэрацыяй, на поўдні - з Украінай, на захадзе - з Польшчай.
Працягласць тэрыторыі рэспублікі з поўначы на поўдзень 560 кіламетраў, з захаду на ўсход 650 кіламетраў. Агульная працягласць Дзяржаўнай граніцы складае 3617 кіламетраў, у тым ліку з Еўрасаюзам - 1250 кіламетраў. Плошча – 207,6 тыс. квадратных кіламетраў. Па плошчы Беларусь пераўзыходзіць такія еўрапейскія краіны, як Грэцыя, Партугалія, Аўстрыя, Нідэрланды, Бельгія, Чэхія.
Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны. Асноўныя яго характарыстыкі абумоўлены размяшчэннем краіны ў сярэдніх шыротах, адсутнасцю гор, адноснай блізкасцю да Атлантычнага акіяна. Самы цёплы месяц – ліпень, самы халодны – студзень.
На тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 20 тыс. рэк. Самыя буйныя рэкі – Днепр, Заходняя Дзвіна і Нёман. Беларусь называюць "сінявокай", паколькі на яе тэрыторыі знаходзіцца звыш 10 тыс. азёр. Самае вялікае возера – Нарач (плошча – 79,6 квадратнага кіламетра), самае глыбокае – Доўгае (глыбіня – 53,6 м).
Тэрыторыя Беларусі падзелена на вобласці, раёны, гарады і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца заканадаўствам. У Рэспубліцы Беларусь шэсць абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, якія падзяляюцца на 118 раёнаў.
Сталіца Беларусі - горад Мінск - размешчаны ў цэнтры краіны. Першае пісьмовае згадванне пра горад адносіцца да 1067 годзе. За сваю гісторыю Мінск быў разбураны і адноўлены дзесяткі разоў. Больш за ўсё горад пацярпеў у час Вялікай Айчыннай вайны, калі быў знішчаны практычна поўнасцю. Сёння Мінск - сучасны еўрапейскі горад, самы буйны ў краіне. Тут пражываюць 1,9 мільёна чалавек. Горад мае выдатныя транспартныя шляхі зносін, у тым ліку аэрапорт, буйны чыгуначны вакзал, некалькі аўтавакзалаў. У Мінску дзейнічае падземнае метро, добра развіта гарадская Аўтатранспартная сістэма.
Асноўныя рэгіёны Беларусі
Беларусь падзелена на шэсць тэрытарыяльных адзінак-абласцей са сваім адміністрацыйным цэнтрам:
Брэсцкая вобласць

Віцебская вобласць


Гомельская вобласць


Гродзенская вобласць


Магілёўская вобласць


Мінская вобласць

